СТАЛО́ВІЦКІ КАСЦЁЛ ІАА́НА ХРЫСЦІ́ЦЕЛЯ,

помнік архітэктуры стылю віленскага барока ў в. Сталовічы Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. Пабудаваны ў 1740—46 (арх. І.​Фантана III, І.​К.​Глаўбіц) па фундацыі пазнанскага камандора С.​Дамброўскага. У 1863—66 перабудаваны пад правасл. Успенскую царкву.

У 1610 кн. М.​К.​Радзівіл Сіротка засн. у Сталовічах камандорыю кавалераў Мальтыйскага ордэна; пабудаваў драўляны касцёл св. Марыі і Іаана Хрысціцеля (не захаваўся), дзе размясціў прывезеную з Італіі скульптуру Маці Божай Латэранскай. У 1637—39 манахі ордэна збудавалі прамавугольную ў плане невял. мураваную капліцу, якую назвалі Латэранскай у гонар прывезенай святыні. У 1660-я г. камандорамі былі Т. і М.​Юдзіцкія.

Сучасны храм (на месцы драўлянага) — мураваная 3-нефавая 2-вежавая базіліка з больш нізкімі прэсбітэрыем і бакавымі сакрыстыямі; па падоўжнай восі да яго прылягае капліца. Гал. фасад вылучаны цэнтр. рэзалітам, які ўтварае 3 праслы; падзелены карнізамі на 3 ярусы, аздоблены слаістымі пілястрамі. Уваход фланкіруюць 4 паўкалоны. Высокія аконныя праёмы з паўцыркульнымі завяршэннямі аздоблены ляпнымі абрамленнямі. Пасля перабудовы ўзведзены драўлянае 5-купалле і званіца з пазалочанымі крыжамі ў франтоннай ч. над прэсбітэрыем і апсідай; бакавыя 3-ярусныя вежы былі зняты (адлюстраваны на фотаздымку пач. 20 ст.). Дэкар. аздабленне інтэр’ера выканана са стука (паводле праекта арх. Глаўбіца). Галоўны алтар 3-ярусны з 2-яруснай каланадай і ляпной кампазіцыяй «Глорыя» ў завяршэнні, у бакавых нефах былі 2-ярусныя ляпныя алтары (не захаваліся). У інтэр’ер у якасці прэсбітэрыя ўключана Ларэтанская капліца. Пры перабудове ўстаноўлены драўляны іканастас. За апсідай створаны прыдзельны храм, звязаны з малітоўнай залай бакавымі праходамі.

А.​М.​Кулагін, Т.​І.​Чарняўская, М.​М.​Яніцкая.

Сталовіцкі касцёл Іаана Хрысціцеля. Сучасная Успенская царква.

т. 15, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)